У рамках ХVІІ Свята мастацтваў “Музы Нясвіжа – 2012”, якое пройдзе з 17 па 19 мая ў сёлетняй культурнай сталіцы краіны, Заслужаны калектыў “Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі” правядзе навукова-практычную канцерэнцыю і прэзентацыю зборніка навуковых артыкулаў “Нясвіж – мастацкая сталіца Беларусі”.
Асветніцкае выданне, складальнікам якога з’яўляецца доктар мастацтвазнаўства, прафесар Вольга Дадзіёмава, працягвае серыю штогадовых навуковых публікацый аб найноўшых распрацоўках даследчыкаў розных сфер мастацтва і культуры Беларусі. Асаблівая ўвага ў матэрыялах нададзена Нясвіжу, як магутнаму асяродку старажытнай і сучаснай айчыннай культуры. Артыкулы прысвечаны музычнаму, выяўленчаму, тэатральнаму мастацтву Нясвіжа, архітэктуры горада, святочнаму побыту нясвіжан у розныя стагоддзі. Даклады, што належаць вядучым спецыялістам у галіне гісторыі Нясвіжа, будуць запатрабаваныя не толькі вучонымі, але і многімі прыхільнікамі беларускай культуры, якія змогуць пашырыць свае веды аб яе развіцці і ролі ў агульнаславянскім і еўрапейскім культурным працэсе.
Падкрэсліваючы непарыўнасць сувязі паміж навуковай тэорыяй і мастацкай практыкай, увасобленай у асветніцкіх праектах Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі, яго кіраўнік, маэстра Міхаіл Фінберг адзначыў у прадмове да выдання: “У здзяйсненні гэтай няпростай задачы – рэканструкцыі змястоўнага напаўнення эпахальна-стылявога працэсу, які разгарнуўся на беларускіх землях у мінулым, асобую ролю набываюць навуковыя даследаванні, што складаюць трывалы падмурак для ўсіх музычных імпрэз, якія ладзіць наш аркестр”.
|
 |
Аб удзеле Заслужанага калектыву
“Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі”
ў ХІІ Нацыянальным фестывалі беларускай песні і паэзіі
“Маладзечна – 2012”
Заслужаны калектыў “Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі” пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі, прафесара Міхаіла Фінберга з’яўляецца адным з нязменных арганізатараў і ўдзельнікаў Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі.
У дадзены момант калектыў аркестра рупліва працуе над падрыхтоўкай творчых мерапрыемстваў ХІІ Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі “Маладзечна – 2012”. Вядучай творчай установе краіны даручана арганізацыя асноўных фестывальных падзей: Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні, канцэрта з удзелам лаўрэатаў конкурсу і, абавязкова, калектыў аркестра падорыць удзельнікам сваю новую канцэртную праграму.
Фестываль ладзіцца з 8 па 10 чэрвеня 2012 года ў г. Маладзечна.
У першы дзень пад патранажам Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі пройдзе Ш (заключны) тур Рэспубліканскага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні. Прадстаўнікі ўсіх абласцей краіны і г. Мінска, 21 канкурсант, будуць змагацца за лаўрэацкія званні. Зараз на базе аркестра праходзяць рэпетыцыі з удзельнікамі конкурсу.
9 чэрвеня адбудзецца ўрачыстае адкрыццё ХІІ Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі “Маладзечна – 2012”, на якім аркестр прадставіць новую канцэртную праграму, прысвечаную 130-годдзю з дня нараджэння класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа.
Трэці фестывальны дзень 10 чэрвеня пачнецца з прэм’еры канцэрта беларускай камернай музыкі ў выкананні творчых калектываў Заслужанага калектыву “Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі”.
У гэтых ж дзень адбудзецца канцэрт песні і джазавай музыкі з удзелам Заслужанага калектыву “Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі”.
Мастацкі кіраўнік ХІІ Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі “Маладзечна – 2012” – народны артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, лаўрэат прэміі Саюзнай дзяржавы, прафесар Міхаіл Фінберг.
|
 |
|